Сьвятаслаў Вакарчук пра Беларусь, палітыку, людзей і пляны "Океану Ельзи" (10.12.2007г.)

Сёньня Сьвятаслаў Вакарчук — дэпутат Вярхоўнай Рады ад прэзыдэнцкага блёку «Наша Украіна — Народная самаабарона». А напярэдадні свайго абраньня лідэр «Океану Ельзи» падзяліўся думкамі пра беларускі тур. На працягу ліпеня-верасьня шалені українські хлопці наведалі Горадню, Берасьце, Бабруйск, Полацак, Віцебск, Гомель і двойчы Менск.

­­  

Пра Беларусь: «За выключэньнем апошніх дзесяці гадоў, гісторыя ў нас вельмі падобная.»

Сёлета гастролі «Океан Ельзи» па Беларусі атрымаліся самімі вялікімі па колькасьці канцэртаў. Якія ўражаньні ў Сьвятаслава?

«Па-першае, вельмі прыемна, што публіка адкрытая. Гэта заўжды прыемна для музыкаў. Плюс нам прыемна, што нас тут так добра ведаюць. Нас гэта не зьдзіўляе, але ўсё роўна прыемна. Мы гутарым тут з публікай на роднай мове, нас усе разумеюць, мы як быццам дома.»
За такі час музыкі ўжо могуць параўнаць жыцьцё ў Беларусі і ва Ўкраіне:

«Тут усё вельмі акуратна, дагледжана. Гэта ўражвае. Пры параўнальна зьнешняй сьціпласьці ўсё роўна прыемна, радуе вока. І ня толькі ў Менску — усюды. Мабыць, толькі ў Віцебску больш звычайна. А ва ўсіх астатніх гарадах, дзе мы былі, проста ідэальны парадак. Мне хацелася б, каб так было заўжды. Разам з тым хачу пажадаць Вам большай разнастайнасьці. 
Людзі вельмі падобныя на нашых: адкрытыя і добрыя. Адзінае адрозьненьне — у нас адбываюцца розныя сацыяльныя працэсы. А так мэнтальна мы вельмі блізкія.
За выключэньнем апошніх дзесяці гадоў, гісторыя ў нас вельмі падобная. Спадзяюся, мы ўсё роўна будзем ісьці поруч.»
Вам бы было цікава запісаць песьню на беларускай мове?

«Чаму б і не? Гэта цікава. Але ўсё залежыць не ад мовы, а ад самой музыкі ці песьні. Мне, напрыклад, заўжды падабаліся Песьняры.»
То бок гэта можна лічыць простым сыгналам да дзеяньня, і Вашы беларускія прыхільнікі могуць паспрабаваць шчасьця ў перакладзе тэкстаў «Океан Ельзи»? 

«Так, калі ласка. Паспрабуем зрабіць гэта.» 
 
«У альбоме „Міра“ няма штучных песень, там усё сапраўднае»

Існуе пункт гледжаньня, што альбом «Міра» атрымаўся больш роўным за папярэднія. Тут прысутнічаюць сапраўды гітовыя песьні «Зелені очі» і «Хочу напитись тобою», але ўсе астатнія — прыкладна аднаго ўзроўню. Як Вы ставіцеся да такога меркаваньня?

«Для мяне песьні не падзяляюцца на гітовыя і негітовыя, для мяне песьні падзяляюцца на сапраўдныя і штучныя. У „Міре“ няма штучных песень, там усё сапраўднае.»
Чаму першым радыёсынглам з альбому стала песьня «Все буде добре», а не, напрыклад, больш яскравая «Зелені очі»?

«Напачатку вясны нам падалося, што гэтая песьня больш неабходная прынамсі ва Ўкраіне, пра якую мы ў той момант думалі.»
Вы баяліся, што «Зелені очі» ня будуць ставіць на радыё… 

«Яна цяжкая, так. Гэта нефарматная песьня. Але людзі слухаюць, ім падабаецца. І гэта прыемна.»
Ва Ўкраіне ёсьць радыёстанцыі, якія могуць дазволіць сабе не ставіць у эфір ОЕ, сьцьвярджаць, што гэта для іх нефармат?

«Так, бо фармат не зьвязаны з папулярнасьцю артыста. Ёсьць сусьветна папулярныя артысты, але Вы ня будзеце ставіць на ўсіх радыёстанцыях песьні Бітлз, проста таму што гэта супэргурт. Гэта нефармат для некаторых станцыяў.»

Сьвятаслаў Вакарчук пра свой статус дэпутата: «Я думаю, гэта хутчэй ахвяра, я не раблю сабе гэтым добра. Я спадзяюся зрабіць гэтым добра краіне.»

Вы балятуецеся ў дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Як Вы прыйшлі да гэтага? Раней Вы казалі, што пакуль не гатовыя да такога ўчынку, што акрамя палітыкі існуе яшчэ шмат іншых сфэраў жыцьця, дзе можна праявіць сябе на карысьць Ўкраіны. Чаму Вы зьмянілі сваё меркаваньне?

«Я не зьмяніў сваё меркаваньне. Проста тады не быў гатовы, а зараз гатовы, вось і ўсё. Гэта першае, а другое — хтосьці ж мусіць паказваць прыклад маладому пакаленьню, браць на сябе адказнасьць. Я думаю, гэта хутчэй ахвяра, я не раблю сабе гэтым добра. Я спадзяюся зрабіць гэтым добра краіне. А мне ад гэтых крокаў толькі больш складанасьцяў, але я сьвядома іду на гэта.»
Летась Вы напісалі песьню «Веселі, брате, часи настали», якая была адрасавана усім расчараваным у палітыках, што здрадзілі ідэалам «памаранчавай рэвалюцыі». У ёй прысутнічаюць радкі «Чому ж тоді я шукаю іншу стежку / Чому я далі з ними не хочу йти?» Але атрымліваецца, што зараз Вы крочыце той жа самой сьцежкай?

«Як магчыма зьмяніць нешта ў краіне, калі ты не дэлегаваны насельніцтвам у ворган, які мусіць штосьці зьмяняць? Пад „іншою стежкою“ я меў на ўвазе ня гэта. Памяняць правілы гульні, каб палітыкі сталі больш маральнымі, сумленнымі, адкрытымі, больш шчырымі. Каб туды прыйшлі людзі, якім не патрэбныя грошы, не патрэбная ўлада, а якія зацікаўленыя нешта рабіць.»
 

Океан Ельзи р­ыхтуе «нешта дзівоснае»

З новага года Вы прыпыняеце творчую дзейнасьць…

«Ня творчую. Мы прыпыняем канцэртную дзейнасьць, ня будзем такімі публічнымі.»
Чым канкрэтна Вы будзеце займацца?

«Будзем займацца разам чымсьці вельмі цікавым, новым, што зьявіцца потым. І, канечне, гэта музыка. Я думаю, у другой палове года Вы гэта пачуеце.»
А новы матэрыял для будучага альбому гурт будзе рыхтаваць?

«Паглядзім спачатку, што з сябе будзе ўяўляць Новая музыка. Верагодна, гэта будзе штосьці вельмі дзівоснае. Абсалютна не падобнае на фармат ОE.»
Раскажыце пра удзельнікаў гурта, як бы Вы ахарактарызавалі кожнага?

«Кожны ўдзельнік гурта чымсьці цікавы.

Мілаш у нас дужа любіць жартаваць над усімі, у яго вельмі цікавы характар, мэнтальнасьць. Вельмі шмат ведае ўсяго, інтэлектуальна разьвіты хлопец.

Пецька — дзіця-індыга. Яшчэ ён адначасова далікатны і рамантычны, зь іншага боку часам як выкіне штосьці…

Дусік доўга граў джаз, і гэта наклала на яго адбітак. Ён любіць нейкія нестандартныя крокі — ва ўсім. Любіць весяліцца. Яго можна ахарактарызаваць адным словам — цыгана!

Зь Дзянісам Глініным мы вырасьлі ў адным горадзе і разам пераехалі ў Кіеў. Разам змагаліся гадамі за усё тое, што ў нас ёсьць сёньня. Ён вельмі тонкі. Скажу супярэчліва — філёзаф-весялун. Мы зь ім даўжэй за усіх знаёмыя. Але галоўнае, я хросны бацька яго дзіцяці. Дзяніс проста мой блізкі сябар.»
На разьвітаньне Сьвятаслаў Вакарчук у арыгінале:

«Нам дуже сподобалися концерти в Білорусі, дуже люди тут сподобалися. І я сподіваюся, пам’ять про ці концерти буде нас заставляти пошвидше вернутися, приїхати сюди і знову грати для Вас. Ми Вас дуже любим.»

________________________________
10 декабря 2007 г.
Автор Коля Весялоўскі
Источник: www.generation.by


 


 
 
 
 
Copyright © 1998-2014 Все права защищены - самый большой и самый старейший фан-клуб группы Океан Ельзи
При использовании материалов с данного сайта обязательна активная гиперссылка на http://ocean-elzy.ru/
Данный сайт не является официальным, создан и работает благодаря поклонникам группы.
Материалы предоставляются поклонниками или берутся из сети Интернет с открытых ресурсов со ссылкой на них.
Однако мы напрямую сотрудничаем с администрацией группы Океан Ельзи.
Материалы, выложенные на нашем сайте, регулярно просматриваются администрацией группы Океан Ельзи,
Недостоверная или запрещённая администрацией группы Океан Ельзи информация с сайта удаляется!