“Океан Ельзи” ў “Мінск-Арэне”: глуха, цесна, мала (10.12.2012)

Пасля такіх канцэртаў варта праводзіць рэферэндум аб наданні ўкраінскай мове статуса дзяржаўнай. Гурт “Океан Ельзи” заехаў у беларускую сталіцу, каб перад 10-тысячным натоўпам сваіх прыхільнікаў зайграць улюбёныя песні. Толькі што трошкі змазала адчуванне свята абраная пляцоўка.

“Океан Ельзи” – хіба адзіны рок-гурт на постсавецкай прасторы, які можа разлічваць на тое, што збярэ ў Мінску залу на 10 тысяч і больш людзей. Тым і быў патлумачаны выбар “Мінск-Арэны”, дзе апошнім разам праходзяць канцэрты зорак сусветнага маштабу. Праўда, пляцоўка гэтая не тое, каб была прыдатная для рок-канцэрту, але пра гэта пазней.

Наведванне канцэрту нагадвала гульню: каб пабачыць украінцаў, трэба было пераадолець шэраг перашкодаў. Людзі клялі найперш грамадскі транспарт. З цэнтру да “Мінск-Арэны” можна было дабрацца толькі на адным аўтобусе, які ў гэты вечар чамусьці хадзіў вельмі рэдка. Чэргі ў саму арэну і дагляд на ўваходзе быў перанесены стаічна. Толькі што ахова заварочвала ўсіх, хто меў пры сабе заплечнік, у камеру захоўвання, якая ўжо была перапоўненая. Гісторыя паўтарыцца з фэн-зонай. У пэўны момант доступ туды вырашана было перакрыць, бо надта шчыльна ўжо стаялі людзі. Частка гледачоў, маючы квіткі на канцэрт, трапіць на яго не магла. Але праблемы былі вырашаны па-хуткаму: заплечнікі прапанавалі звальваць проста пры ўваходзе да кучы, а з квіткамі з фэн-зоны пачалі пускаць на танцпляц. Так што на фоне гэтага вялізарныя чэргі на здачу верхняй вопраткі не ўспрымаліся наогул за праблему.

Вакарчук, нібы адчуўшы настрой людзей, заспяваў адну з самых важных сваіх песень: “Вставай”. Украінцы падрыхтавалі выдатнае светлавое шоу і склалі абсалютна шыкоўным чынам свой канцэртны трэк-ліст. Лідар ОЕ з першага ж слова настроіў залу на пазітыў: “Так прыкольна размаўляць у Беларусі па-ўкраінску!” ды запытаўся пра справы. Некалькі тысячаў людзей загулі: “До-ооо-бра!”. “У зале не халодна”, – канстатаваў музыкант. Шмат хто з ім пагадзіўся, у запоўненай фэн-зоне і танцполе дыхаць было наогул складана. Але людзей, здаецца, гэта мала хвалявала. Трошкі пазней артыст скіне боты ды будзе бегаць па вялізарнай сцэне басанож. Перад кожным прыездам у Беларусь Вакарчук прызнаецца, што вельмі яму падабаецца тут граць, бо надта ўжо блізкія між сабой беларусы з украінцамі. Цяпер ён заехаў толькі з адным канцэртам, але марыць наступным разам праехацца па ўсёй Беларусі, як тое было падчас туру “Dolce Vita”.

Публіка адказвала музыкам святой удзячнасцю ды падпявала ўсе песні без выключэння. Асаблівае замілаванне выклікалі “Без бою”, “Кішка”, “Той день”. Праўда, задавальненне не толькі ад назірання за героямі ўкраінскай сцэны, але і ад гучання атрымаць было складана. Да тых, хто знаходзіўся падалей ад сцэны, далятала толькі глухое рэха. “Адчуваю сябе так, нібы злачынна падслухоўваю”, – слушна заўважыў адзін з гледачоў на трыбуне. “Глуха, як у танку”, – гэта ўжо меркаванне аднаго з прыхільнікаў у партэры. Водгукі з фэн-зоны былі больш станоўчыя.

Належнае трэба аддаць самому Вакарчуку. Ён прымусіў думаць публіку, што ён з паплечнікамі дае найлепшы свой канцэрт тут і цяпер. Трэба было бачыць, як ён гуляў з залай падчас выканання “Зелені очі”. На ўсеагульную радасць музыканты тройчы выйшлі на біс. Таму станоўчыя эмоцыі ўрэшце пераважылі ўвесь негатыў.
______________________________
http://budzma.org

 


 
 
 
 
Copyright © 1998-2014 Все права защищены - самый большой и самый старейший фан-клуб группы Океан Ельзи
При использовании материалов с данного сайта обязательна активная гиперссылка на http://ocean-elzy.ru/
Данный сайт не является официальным, создан и работает благодаря поклонникам группы.
Материалы предоставляются поклонниками или берутся из сети Интернет с открытых ресурсов со ссылкой на них.
Однако мы напрямую сотрудничаем с администрацией группы Океан Ельзи.
Материалы, выложенные на нашем сайте, регулярно просматриваются администрацией группы Океан Ельзи,
Недостоверная или запрещённая администрацией группы Океан Ельзи информация с сайта удаляется!