“Брюссель” Вакарчука ў Мінску (12.03.2012 г.)
Праект “Брюссель” выдатных украінскіх музыкаў на чале са Святаславам Вакарчуком  даў у Мінску неймаверна прыгожы ды энергетычны канцэрт, з якога пачаў свой тур. Акрамя асноўнай праграмы музыкі прадставілі ажно шэсць толькі што напісаных песняў. На знак удзячнасці беларускія прыхільніцы літаральна закідалі музыкаў кветкамі.

Выхаду “Брюсселя” мінскім гледачам давялося чакаць 45 хвілін. Святаслаў Вакарчук, як толькі выйшаў на сцэну, па-джэнтльменску папрасіў прабачэння за спазненне і зазначыў: “Затое Мінск – першы ў туры”. Сапраўды, пасля анлайн-прэзентацыі ў студыі свой першы і, магчыма, адзіны тур “Брюссель” вырашыў пачаць якраз з беларускай сталіцы. Вакарчук перш-наперш прадставіў сваіх паплечнікаў па праекце – вядомых украінскіх музыкаў Сяргея Бабкіна (экс-“5-nizza”), Дзмітрыя Шурава (граў з Земфірай ды ўваходзіў у склад “Океан Ельзи”), Пятра Чарняўскага (“Океан Ельзи”) ды Максіма Малышава (бубнача Ані Лорак і яшчэ дзясятка іншых праектаў). “Мы ўсе вельмі хвалюемся, нібы першы раз выступаем”, — прызнаўся перад выкананнем першага трэку “Come To Me Baby” лідар праекту і дадаў, што не паспеў нават вывучыць да канца некалькі новых песняў. Да асноўнай праграмы, прадстаўленай пры канцы 2011 года, музыкі далучылі яшчэ шэсць твораў, напісаных літаральна за некалькі дзён да прыезду ў Мінск. Свае ранейшыя рэчы з асноўных гуртоў ды сольных праектаў ані Вакарчук, ані Бабкін, ані Шураў у межах “Брюсселя” вырашылі не выконваць.

Па рэакцыі залы было відаць, што шмат якія слухачы ўжо добра ведаюць песні “Брюсселя”, а таму сустрэлі іх воплескамі ўжо ад першых акордаў, як, напрыклад, “Не плач” ці “Дощ” (яе, дарэчы, Вакарчук чамусьці вырашыў прысвяціць мінскім трамваям). Зрэшты, не менш прыязна сустракалі і абсалютна новыя рэчы, як песню “Пробач мени”, вельмі кранальна выкананую дуэтам Бабкін — Вакарчук. Як выявілася, запланаваны трэк-ліст канцэрту музыкі змянялі на хаду. Так, напрыклад, меркавалася пачаць выступ з песні “Заплети (у свої коси ніч)”, але ў апошні момант вырашылі яе адсунуць бліжэй да канца.

“Навошта мы стварылі гэты праект? — запытаў сам у сябе паміж песнямі Вакарчук і сам жа адказаў. – Бо прыемна граць з такімі музыкамі”. На адной з новых песняў у выкананні Сяргея Бабкіна Святаслаў скокнуў у партэр дзеля максімальнага кантакту з мінскімі гледачамі. “Спадзяюся, што гэты канцэрт запомніцца, як нам, так і вам”, — заявіў ён перад выкананнем аднаго з галоўных хітоў праекту “Адреналін”. Акурат пасля словаў “Адреналін, підіймайся з колін краплями живої води” ўся зала Палаца рэспублікі ўзнялася, і да канца канцэрту ніхто ўжо ў крэсла не сядаў. Зрэшты, “падоўжаная” праграма праекту “Брюссель” усё адно скончылася даволі хутка. Вакарчук заявіў, што на новай песні “Сцяна” ставіць на сёння “вялікую тлустую кропку”. Музыкі са сцэны сышлі, але іх слухачы ведалі, што яны аніяк не змогуць развітацца без двух не сыграных песняў – “Зелений чай” і “Airplane”. Якраз гэтыя творы і прагучалі на біс. “Я ведаў, што тут збярэцца шмат людзей, якія любяць мае песні, песні Сяргея Бабкіна і Дзімы Шурава, але не думаў, што нас будуць сустракаць гэтак жа, як “Океан Ельзи”, — прызнаўся расчулены Вакарчук пры канцы свайго выступу.

__________________________
Мікалай Дубавіцкі
http://budzma.org
 


 
 
 
 
Copyright © 1998-2014 Все права защищены - самый большой и самый старейший фан-клуб группы Океан Ельзи
При использовании материалов с данного сайта обязательна активная гиперссылка на http://ocean-elzy.ru/
Данный сайт не является официальным, создан и работает благодаря поклонникам группы.
Материалы предоставляются поклонниками или берутся из сети Интернет с открытых ресурсов со ссылкой на них.
Однако мы напрямую сотрудничаем с администрацией группы Океан Ельзи.
Материалы, выложенные на нашем сайте, регулярно просматриваются администрацией группы Океан Ельзи,
Недостоверная или запрещённая администрацией группы Океан Ельзи информация с сайта удаляется!